Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь



Фотавыстава, прымеркаваная да 80-годдзя кінарэжысёра Міхаіла Мікалаевіча Пташука

  • 23.01.2023

28 студзеня 2023 г. у галерэі Музея гісторыі беларускага кіно пачне працу фотавыстава, прымеркаваная да 80-годдзя выдатнага кінарэжысёра Міхаіла Мікалаевіча Пташука (1943-2002).

Міхаіл Мікалаевіч Пташук – заслужаны дзеяч мастацтваў, народны артыст Беларусі, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі. З яго імем звязана цэлая эпоха ў айчынным кінематографе. Фільмы, знятыя Міхаілам Мікалаевічам, адрозніваюцца характарам драматычнага апавядання і зацвердзілі пазіцыі кіно Беларусі ў сусветным кінамастацтве.

На выстаўцы прадстаўлены серыі фатаграфій, якія захавалі працэс вытворчасці фільмаў, эскізы мастацкіх рашэнняў, тэхнічныя фотаматэрыялы, афішы, цытаты з успамінаў майстра. Змест выстаўкі перадае эстэтыку Пташука, паказвае сфармаваную ім экранную культуру, стылістычныя асаблівасці яго карцін.

Асаблівае месца на выстаўцы займаюць матэрыялы аб фільмах, знятых па літаратурных першакрыніцах. “Усё, што я зняў, мае дачыненне да гісторыі беларускай літаратуры XX стагоддзя. І Уладзімір Караткевіч, і Іван Шамякін, і Васіль Быкаў – гэта ўжо гісторыя. У кожным фільме, знятым па творах гэтых пісьменнікаў, ёсць часціца мяне самога, маёй маці, суседзяў – людзей, сярод якіх я вырас» – адзначаў Міхаіл Мікалаевіч.

У рамках работы выстаўкі адбудзецца рэтраспектыва фільмаў “Чорны замак Альшанскі” (1983), “Вазьму твой боль” (1980), “Знак бяды” (1986).

Уваход на выстаўку па квітку на пастаянную экспазіцыю музея.

г. Мінск, вул. Свярдлова, 4

без выхадных

з 11.00 да 19.00

каса з 11.00 да 18.30

тэл. (017) 397 86 75

cinema.histmuseum.by