Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь



17.05. – 17.06.2018


З 17 мая 2018 г. у выставачнай зале Музея гісторыі беларускага кіно – філіяле Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь – пачне працу выстава фотаздымкаў «Мірны час» з сямейнага архіва Пятра Таранды, фатографа-аматара з г. Баранавічы. 
      Гэты ўнікальны ў сваім родзе архіў, які складаецца з больш чым тысячы негатываў і фатаграфій, быў упершыню апублікаваны толькі цяпер, праз 17 гадоў пасля смерці аўтара. У экспазіцыю ўвайшлі 76 фатаграфій, створаных у канцы 1950–1960-х гг.
     Гэты перыяд – асаблівы для нашай гісторыі: мірны час, у пэўным сэнсе «свецкі», калі савецкі рэжым крыху аслабіў кантроль над прыватным жыццём чалавека. У гісторыі фатаграфіі 1950–1970-я гг. можна лічыць пераломнымі. Упершыню фатаграфічныя тэхналогіі сталі шырокадаступнымі, і людзі захапіліся масавым фатаграфаваннем. Менавіта тады заявіў аб сабе жанр сямейнай і аматарскай фатаграфіі.
     У адрозненне ад афіцыйных рэпартажных архіваў таго часу, гэтыя фатаграфіі не прасякнуты прапагандай і не ўтрымліваюць ніякага маніфеста. Не задуманыя як мастацкае выказванне, гэтыя здымкі былі створаны з адзінай мэтай – захаванне фатаграфічнай памяці аўтара і блізкіх яму людзей. І як фатаграфіі з многіх хатніх альбомаў, яны пранізаны асаблівай цеплынёй і наіўнай непрадказальнасцю, уласцівай вернакулярнай (аматарскай) фатаграфіі. 
     Пётр Таранда быў даследчыкам сціплага прыватнага свету чалавека таго часу, летапісцам якога ён стаў, магчыма, і не жадаючы гэтага. Яго неверагодны архіў – перш за ўсё гісторыя пра людзей і іх знікненні. А таксама, гісторыя аб Фатаграфіі, здольнай адлюстраваць вобраз мінулага і захаваць яго назаўжды. 

Куратар выставы: Алена Пратасевіч
Арганізатар выставы:
Беларускае грамадскае аб'яднанне фатографаў 
Генеральныя партнёры:
Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь
Музей гісторыі беларускага кіно

Месца экспанавання выставы – выставачная зала Музея гісторыі беларускага кіно
(Мінск, вул. Свярдлова, 4)

Час працы выставы – штодня з 11-00 да 19-00 (каса да 18-30).

Тэлефоны для даведак: 8 017 327 10 75 (Музей гісторыі беларускага кіно)
8 044 736 31 69 (БГА фатографаў)

Кошт квіткоў: школьнікі і пенсіянеры – 2 руб.
                         студэнты – 2,5 руб.
                         астатнія катэгорыі наведвальнікаў – 4 руб.