Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь



"АПОВЕСЦЬ МІНУЛЫХ ГАДОЎ"

  • 06.02.2021

«АПОВЕСЦЬ МІНУЛЫХ ГАДОЎ»

Міжнароднаму Дню роднай мовы і 50-годдзю беларускай анімацыі прысвячаецца

6, 13, 20, 27 лютага (суботы) а 12-00  і 15-00

7, 14, 21, 28 лютага (нядзелі) а 12-00  і 15-00

«АПОВЕСЦЬ МІНУЛЫХ ГАДОЎ».“Беларусьфільм”, 2006 – 2014, 66 хв.

Аўтар ідэі і кіраўнік праекту Ігар Воўчак.

Цыкл гісторыка-пазнавальных мультфільмаў аб паходжанні гербаў беларускіх гарадоў. Кожны з 36 сюжэтаў цыклу, створаных у змешанай тэхніцы (маляваная анімацыя з элементамі кампутарнай перакладкі), апавядае пра значэнне сімвалаў, намаляваных на гербах канкрэтных населеных пунктаў, іх старажытныя карані.

Калектыў таленавітых майстроў беларускай анімацыі прадставіў у яркай відовішчнай форме легенды і старадаўнія паданні, якія звязаны з важнымі гістарычнымі падзеямі і фактамі з мінулага беларускага народа, з роллю гарадоў у гісторыі краіны.

З даўніх часоў беларускія гарады і мястэчкі атрымалі свае геральдычныя эмблемы – гербы. Мяркуецца, што назва “герб” азначае слова “спадчына”. І хоць выгляд гарадскіх гербаў часта змянялі гістарычныя падзеі, іх сучаснае аблічча – гэта частка нашай супольнай даўніны, нашай гісторыі!

Анімацыйны цыкл "Аповесць мінулых гадоў" стаў адным з самых важных і паспяховых грамадзянска-асветных праектаў Нацыянальнай кінастудыі "Беларусьфільм", дзейсным сродкам выхавання любові і павагі да роднай мовы, гісторыі і культуры. Дыплом «За лепшы асветніцкі фільм» І.Воўчаку, М. Тумеле, У. Пяткевічу, Н. Хаткевіч, І. Кадзюковай, А. Ленкіну на XVII Міжнародным кінафоруме «Залаты Віцязь» ў Маскве (Расія, 2008);  Прыз «За лепшае выяўленчае вырашэнне» мастаку-пастаноўшчыку Т. Кубліцкай і кінарэжысёру І. Воўчаку на XIV Адкрытым Расійскім фестывалі анімацыйнага  кіно ў Суздалі (2009); Прыз за лепшы анімацыйны фільм (часткі 2 і 3) на VII Рэспубліканскім фестывале беларускіх фільмаў у Брэсце (2010).

У якасці бонуса -

“БЕЛАРУСКІЯ ПРЫМАЎКІ”. “Беларусьфільм”, 2008 – 2011, 13 хв.

Сцэн. і рэж. Міхаіл Тумеля. Камп. Андрэй Жукаў.

Унікальная серыя вясёлых і эфектных мікраметражных мультфільмаў на аснове народных прыказак і прымавак – перлінаў народнай мудрасці, выкананая ў стылістыцы выцінанкі (від народнага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва). Дыплом М.Тумелю “За трапны вынахад беларускага фальклору ў анімацыі” на XIV Адкрытым Расійскім фестывалі анімацыйнага кіно ў Суздалі (Расія, 2009); Спецыяльны прыз М.Тумелю “За выяўленчы вынахад” на XIV Міжнародным фестывалі дзіцячага і моладзевага анімацыйнага кіно “Залатая рыбка” ў Анапе (Расія, 2009); Дыплом за “Вернасць традыцыям”на VII Рэспубліканскім фестывалі беларускіх фільмаў у Брэсце (Беларусь, 2010).