Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь



13.06. - 06.07. ЦУДОЎНАЯ БЭТ ДЭВІС

  • 13.06.2018
Персанальная рэтраспектыва да 110-годдзя з дня народзінаў
вялікай амерыканскай кінаактрысы

13 чэрвеня (серада) 15-00  і  18-30
ЦЯЖАР СТРАСЦЕЙ ЧАЛАВЕЧЫХ (Of Human Bondage). ЗША, 1934, ч/б, 82 хвіл.
Рэж. Джон Кромуэл. У ролях: Лэслі Ховард, Бэт Дэвіс, Рэджынальд Оўэн, Кай Джонсан.
Псіхалагічная драма, адна з лепшых экранізацый рамана У. С. Моэма пра пакутлівы пошук прызначэння і сэнсу жыцця з выдатным акторскім дуэтам Л.Ховард (вядомым роллю Эшлі ў «Знесеных ветрам») – Б.Дэвіс. Дзякуючы гэтай рабоце, якая стала сапраўдным адкрыццём і была адзначана першай намінацыяй Б.Дэвіс на «Оскар» за лепшую жаночую ролю (1935), актрыса трыумфальна ўвайшла ў свет вялікага кінематографа.

15 чэрвеня (пятніца) 15-00  і  18-30 
ІЕЗАВЕЛЬ (Jezebel). ЗША, 1938, ч/б, 103 хвіл. 
Рэж. Уільям Уайлер. У ролях: Бэт Дэвіс, Генры Фонда, Фэй Бэйнтэр, Маргарэт Ліндсэй, Рычард Кромуэл, Гордан Олівер, Джордж Брэнт, Генры О'Ніл, Джон Лайтэл, Дональд Крысп.
Пышная па гістарычным антуражы рамантычная рэтра-меладрама па п'есе Оўана Дэвіса пра лёс легкадумнай дачкі багатага плантатара, якая дзёрзкімі, неардынарнымі ўчынкамі кідае выклік чапурыстаму арыстакратычнаму грамадству Новага Арлеана і атрымоўвае за гэта мянушку «Іезавель» (па імені біблейскай гераіні, якая праславілася сваёй надмернай ганарлівасцю). Ігра Б.Дэвіс, стварыўшай складаны, супярэчлівы характар, заслужана адзначана «Оскарам» за лепшую жаночую ролю (1939). Гэта ўзнагарода стала для актрысы своеасаблівым суцяшэннем за тое, што ёй не дасталася галоўная роля ў знакамітым блакбастары «Знесеныя ветрам». Па-за залежнасцю ад сусветнага поспеху «Знесеных ветрам» фільм «Іезавель» ацэньваецца больш высока дзякуючы дакладнасці яго псіхалагічных нюансаў, дасканаласці акторскай работы (другім «Оскарам» за лепшую ролю другога плана адзначана Ф.Бэйнтэр), умелай дазіроўцы рэалізму і эпапеі. 

20 чэрвеня (серада) 15-00  і  18-30
ПЕРАМАГЧЫ ЦЕМРУ (Dark Victory). ЗША, 1939, ч/б, 104 хвіл.
Рэж. Эдмунд Гулдзінг. У ролях: Хэмфры Богарт, Бэт Дэвіс, Джордж Брэнт, Джэральдзіна Фіцджэральд, Рональд Рэйган, Генры Трэверс.
Меўшая велізарную папулярнасць (дзякуючы душашчыпальнаму сцэнару і эмацыйнай ігры Бэт Дэвіс) любоўная драма пра лёс дзяўчыны з вышэйшага грамадства, сустрэўшайсустрэў на сваім шляху любоў, калі жыць ёй засталося зусім нядоўга. Тры намінацыі на «Оскар» у 1940 г: «Лепшы фільм», «Лепшая жаночая роля» (Бэт Дэвіс), «Лепшы арыгінальны саўндтрэк».

22 чэрвеня (пятніца) 15-00  і  18-30
ПРЫВАТНАЕ ЖЫЦЦЁ ЕЛІЗАВЕТЫ І ЭСЭКСА (The Private Lives of Elizabeth and Essex)
ЗША, 1939, 107 хвіл. 
Рэж. Марк Сэндрыч. У ролях: Эрол Флін, Бэт Дэвіс, Алія дэ Хэвілэнд.
Біяграфічная драма, першая каляровая карціна ў кар'еры Б. Дэвіс, у якой актрыса перасягнула саму сябе: створаны ёю вобраз састарэлай ангельскай каралевы, якая змагаецца са сваімі ўзроставымі комплексамі, таемнымі пачуццямі, хлуслівым акружэннем і нязгодлівым палюбоўнікам – проста цудоўны. Касцюмы да карціны былі створаны адным з лепшых мастакоў Галівуда – Орыі-Келі. Намінаваны на прэміі «Оскар» у 5-ці катэгорыях – «Лепшая работа мастака-пастаноўшчыка», «Лепшая аператарская работа», «Лепшыя спецэфекты», «Лепшая музыка» і «Лепшы гукавы мантаж» (1940).

26 чэрвеня (аўторак) 15-00  і  18-30
ПІСЬМО (Letter). ЗША, 1940, ч/б, 91 хвіл.
Рэж. Уільям Уайлер. У ролях: Бэт Дэвіс, Хэрберт Маршал, Джэймс Сцівенсан, Фрыда Айнскорт, Гэйл Сондэргаард, Брус Лестэр, Элізабэт Эрл, Сэн Юнг.
Крымінальная драма па творы Сомерсета Моэма пра загадкава-заблытаныя адносіны ўдзельнікаў любоўнага трохвугольніка, якая дзякуючы ігры выдатнага акторскага трыа – Б. Дэвіс, Х. Маршал і Дж. Стывенсан – выстаўлялася на «Оскар» у 7 намінацыях (1941): «Лепшы фільм», «Лепшая жаночая роля» (Бэт Дэвіс), «Лепшая мужчынская роля другога плана» (Джэймс Стывенсан), «Лепшы рэжысёр» (Уільям Уайлер), «Лепшая работа аператара (ч\б фільмы)», «Лепшы мантаж», «Лепшы арыгінальны саўндтрэк».

29 чэрвеня (пятніца) 15-00  і  18-30
ЛІСКІ (The Little Foxes). ЗША, 1941, ч/б, 116 хвіл.
Рэж. Уільям Уайлер. У ролях: Бэт Дэвіс, Херберт Маршал, Тэрэза Райт і Рычард Карлсан. 
Сацыяльна-псіхалагічная драма пра лёс прагнай і хцівай «дзелавой кабеты», гатовай дзеля здабыцця зыскоўнага бізнесу – баваўнянай фабрыкі – нават на забойства мужа. Адна з лепшых карцін вялікага амерыканскага рэжысёра У. Уайлера («Рымскія вакацыі», «Бэн Гур» і інш.), дзе актрыса заканчвае фарміраванне партрэта таго тыпу кабет, штрыхі да якога яна накідала ў большасці сваіх папярэдніх удалых работ. 9 намінацый на «Оскар», сярод якіх намінацыя «Лепшая жаночая роля» (1942).

04 ліпеня (серада) 15-00 і 18-30 
УСЁ ПРА ЕВУ (All about Eve). ЗША, 1950 г., ч/б, 138 хвіл.
Рэж. Джозэф Л. Манкіевіч. У ролях: Бэт Дэвіс, Эн Бакстэр, Джордж Сандэрс, Селесці Холм, Х’ю Марлоў, Тэлма Рытэр, Мэрылін Манро. 
Псіхалагічная драма (па апавяданні і радыёп'есе Мэры Ор «Дабрачыннасць Евы») пра выварат поспеху ў тэатральным свеце, знятая ў перыяд росквіту макартызму, праследавання іншадумства ў творчым асяроддзі ЗША. 6 «Оскараў» (з 14 намінацый) за лепшыя фільм года, рэжысуру, сцэнар, мужчынскую ролю другога плана (Сандэрс) і касцюмы; Спецпрыз журы за рэжысуру і прэмія лепшай актрысе (Дэвіс) на МКФ у Канне; прэміі Брытанскай і Еўрапейскай кінаакадэмій за лепшы фільм года.

06 ліпеня (пятніца) 15-00  і 18-30
ШТО ЗДАРЫЛАСЯ З БЭБІ ДЖЭЙН? (What Ever Happened to Baby Jane?). ЗША, 1962, ч/б, 132 хвіл.
Рэж. Роберт Олдрыч. У ролях: Бэт Дэвіс, Джоан Кроўфард, Віктор Буоно, Дэйв Уілок. 
Вызначэнне «чорная камедыя з элементам гіньёля» найболей дакладна адпавядае інтрызе фільма, які і праз сорак гадоў уражвае дакладнасцю псіхалагічнага аналізу нораваў людзей, занятых у шоу-бізнесе. За ролю адной з сясцёр Дэвіс ізноў намінавалася на прэмію Амерыканскай кінаакадэміі. «Оскар» за лепшыя касцюмы (1963).