Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь



06.04 – 04.05 ІНГМАР БЕРГМАН: СКАНДЫНАЎСКІ ГЕНІЙ

  • 04.04.2018
персанальная рэтраспектыва да 100-годдзя са дня нараджэння вялікага шведскага кінарэжысёра
(14.07.1918 – 30.07. 2007)

6 красавіка (пятніца) 15-00 і 18-30 
CЁМАЯ ПЯЧАЦЬ (Det sjunde itseglet). Швецыя, 1956, ч/б 95 хвіл. 
Рэж. Інгмар Бергман. У ролях: Макс фон Сюдоў, Гунар Бьёрнстранд, Бенгт Экерут, Нільс Попе, Бібі Андэрсан, Гунэль Ліндблом. 
Прынесшая аўтару сусветнае прызнанне, крайне аскетычная, уражваючая сваёй сімвалічнай вобразнасцю філасофская прытча (па ўласнай п'есе «Гравюра [Роспіс] на дрэве»), знятая ўсяго за 35 дзён у перыяд духоўнага крызісу аўтара, унутранай спрэчкі веры і бязвер'я. «Адна з нешматлікіх карцін, па-сапраўднаму блізкіх майму сэрцу… Тут супернічаюць два пункты погляду, кожнаму з якіх дазволена гаварыць уласнай моваю». Спецпрыз журы на Х МКФ у Каннах (1957).

11 красавіка (серада) 15-00 і 18-30
СУНІЧНАЯ ПАЛЯНА (Smultronstallet).  Швецыя, 1957, ч/б, 95 хвіл.
Рэж. Інгмар Бергман. У ролях: Віктар Шострэм, Бібі Андэрсан, Інгрыд Тулін, Гунар Бьёрнстранд, Макс фон Сюдоў.   
Філасофскі шэдэўр найбуйнейшага еўрапейскага кінарэжысёра, глыбокае даследаванне ізаляванасці чалавека ў сучасным свеце, якое змяшчае ўсе асноўныя матывы яго творчасці: любоў як расчараванне і адраджэнне, рэлігійныя сумненні і шуканні, зацікаўленасць духоўным светам жанчыны, пошук сэнсу жыцця ў простых штодзённых радасцях. «Залаты мядзведзь» і прыз ФІПРЭСІ «за выкананне галоўнай мужчынскай ролі» В.Шострэму на VIII МКФ у Заходнім Берліне; прэмія «Срэбная стужка» італьянскай кінакрытыкі на XIX МКФ у Венецыі; спецыяльная прэмія І.Бергману на XI МКФ у Каннах (1958).

13 красавіка (пятніца) 15-00 і 18-30 
ПЕРСОНА (Persona). Швецыя, 1966, ч/б, 85 хвіл. 
Рэж. Інгмар Бергман. У ролях: Ліў Ульман, Бібі Андэрсан, Гунар Бьёрнстранд, Маргарэта Крок,  Ёрген Ліндстром.  
Псіхалагічная драма, у якой адлюстраваны ў максімальна сціснутай, канцэнтраванай, лаканічнай форме практычна ўвесь комплекс ідэй, унутраных перажыванняў, надакучлівых жаданняў вялікага мастака, які адчувае боль і радасць уласнага існавання, варожасць і гармонію навакольнага свету. Адна з самых лепшых, падставовых карцін у шырокай творчасці Бергмана, у якой адлюстраваны перыяд трагічнага адчування нейкага разрыву паміж бачным і сапраўдным. «Залатыя жукі» за лепшыя фільм і жаночую ролю (Б.Андэрсан).

18 красавіка (серада) 15-00 і 18-30
СОРАМ (Skammen). Швецыя, 1968, ч/б, 103 хвіл.
Рэж. Інгмар Бергман. У ролях: Ліў Ульман, Макс фон Сюдоў,  Сіге Фюрст.
Па-свойму нечаканая палітычная і антываенная па сваёй сутнасці прытча, знятая ў амаль хранікальнай манеры. Камерная прастора тыповых бергманаўскіх драм раптам апынулася адкрытым усім вятрам звар'яцелага часу распачатай недзе вайны. Прароцтва і засцярога выбітнага рэжысёра дакладней і глыбей многіх пужаючых антыўтопій пра будучыню. «Залаты жук» за жаночую ролю (Л.Ульман); Прызы Нацыянальнай рады аглядальнікаў ЗША за лепшы іншамоўны фільм і жаночую ролю (Л.Ульман).

20 красавіка (пятніца) 15-00 і 18-30
ШЭПТЫ І КРЫКІ (Viskningar och rop). Швецыя, 1972, 91 хвіл.
Рэж. Інгмар Бергман. У ролях: Харыет Андэрсан, Кары Сюльван, Інгрыд Тулін, Ліў Ульман, Эрланд Юзэфсан. 
Псіхалагічная драма з жыцця трох сясцёр – насельніц вялікага маёнтка. Успаміны пра шчаслівае, бестурботнае дзяцінства пераплятаюцца з вязкай сучаснасцю, напоўненай насілу хаваемым незадавальненнем і непрыязнасцю жанчын, няшчасных кожная па-свойму. Класік еўрапейскага артхаўса называў гэтую карціну самай значнай у сваёй творчасці. Адчужэнне блізкіх людзей, якое не раз рабілася стрыжнем твораў аўтара, і тут з'явілася той асноваю, на каторую выкладзена эмацыйная шматслойнасць аповеда. «Оскар» С. Нюквісту за лепшую аператарскую работу; Тэхнічны Гран-пры Канскага МКФ; Прэмія Нацыянальнай рады кінакрытыкаў ЗША за лепшы фільм і рэжысуру (1974).

25 красавіка (серада) 15-00 і 18-30
27 красавіка (пятніца) 15-00 і 18-30 
ВОСЕНЬСКАЯ САНАТА (Hostsonaten). Швецыя - Францыя - ФРГ, 1978, 103 хвіл.
Рэж. Інгмар Бергман. У ролях: Інгрыд Бергман, Ліў Ульман, Лена Нюман, Хальвар Бьёрк, Георг Локеберг.
Псіхалагічная драма пра распад сям'і сусветна вядомай піяністкі і дзвюх яе дачок, знятая ў цыклічнай санатнай форме. Фільм уяўляе сабою рэдкі сплаў кінематаграфічных, тэатральных, тэлевізійных сродкаў выразу. Рэжысёр ставіць пытанні ўзаемаадносін паміж жыццём і мастацтвам і пра цану ахвяр у імя мастацтва. Прататыпам вобраза галоўнай гераіні стала адна з яго жонак – піяністка Кэбі Ларэтай. Самая характэрная работа Бергман 1970-х гг. Прэмія нью-ёркскіх кінакрытыкаў І.Бергман як лепшай актрысе года (1978); прэміі Нацыянальнага таварыства кінакрытыкаў ЗША І.Бергман як лепшай актрысе года і І.Бергману як лепшаму рэжысёру; «Залаты глобус» за лепшы замежны фільм (1979).

02 мая (серада) 15-00 і 18-30   
04 мая (пятніца) 15-00 і 18-30  
ФАНІ  І  АЛЯКСАНДР (Fanni och Alexander). Швецыя–Францыя–Германія, 1981-82, 181 хвіл. 
Рэж. Інгмар Бергман. У ролях: Перніла Альвін, Бертыль Бювэ, Бёр’е Альстэдт,  Крысціна Адольфсан, Харыет Андэрсан.
Манументальная сямейна-біяграфічная драма з шырокім сацыяльна-культурным кантэкстам пачатку ХХ стагоддзя, які надае ёй эпічны размах. Яркія, працятыя і радасцю, і журботаю, і непакоем карціны «чалавечай камедыі» вачамі юнага героя. Позірк прымудронага жыццём майстра на розныя аспекты чалавечага існавання: смерць, любоў, Бог… Найвышэйшае дасягненне Бергмана, яго творчы тэстамент: пасля гэтай работы рэжысёр вырашыў прысвяціць сябе выключна тэатру. Увабраўшы ў сябе ледзь не ўсе асноўныя тэмы папярэдніх яго стужак, яна, тым не менш, рэзка адрозніваецца ад іх: тут шмат святла, надзеі, фантазіі, цёплых фарбаў. «Сезар» за лепшы замежны фільм года; «Оскары» за лепшыя замежны фільм на экранах ЗША, аператарскую работу, дэкарацыі і касцюмы (1983).