Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь



7.02 - 2.03 «ПА АБОДВА БАКІ АКІЯНА» персанальная рэтраспектыва ў сувязі з 80-годдзем кінарэжысёра Андрэя Канчалоўскага

  • 07.02.2018
07 лютага (серада) 15-00 і 18-30
ПЕРШЫ  НАСТАЎНІК. СССР, 1965, ч/б, 95 хвіл.
Рэж. Андрэй Канчалоўскі. У гал. ролях – Наталля Арынбасарава і Балот Бейшаналіеў. 
Знятая пад уплывам творчасці Акіры Курасавы ў стылістыцы італьянскага неарэалізму па аднайменнай аповесці Чынгіза Айтматава драма маладога настаўніка, які спрабуе пабудаваць школу ў аддаленым горным ауле ў першыя савецкія гады ў Кіргізіі. Прыз часопіса "Савецкі экран" за «рэвалюцыйнасць зместу і майстэрства формы» на II УКФ у Кіеве (1966); Срэбны медаль Азела і "Кубак Валони" за лепшае выкананне жаночай ролі Н. Арынбасавай на ХХVII МКФ у Венецыі (1966); Прэмія Нацыянальнага інстытута па вывучэнні сацыяльных праблем на II МКФ – кінааглядзе «Капіталійскі Юпіцер» у Рыме (1966); Адмысловая прэмія журы МКФ маладых кінематаграфістаў у Еры-67; Прэмія Нацыянальнага інстытута па сацыяльных навуках Міжнародны кінаагляд «Капіталійскі Юпіцер» (Рым-66).

09 лютага (пятніца) 15-00 і 18-30
ГІСТОРЫЯ АСІ КЛЯЧЫНАЙ, ЯКАЯ ЛЮБІЛА, ДЫ НЕ ВЫЙШЛА ЗАМУЖ. 
СССР, 1966, ч/б, 94 хвіл. 
Рэж. Андрэй Міхалкоў-Канчалоўскі. У ролях: Ія Савіна, Любоў Сакалова, Аляксандр Сурын, Генадзь Ягорычаў, Іван Пятроў, Людміла Зайцава, Коля Пагодзін.
Кіназнаўцы асабліва адзначаюць нанканфармізм і творчую адвагу рэжысёра, які ва ўмовах абмежаванай творчай волі ствараў сумленныя, шчырыя, праўдзівыя, папярэдзіўшыя свой час фільмы. Дадзеная меладрама, знятая ў 1966 г., але прарваўшаяся на шырокі экран толькі ў 1988 г., – яркі таму прыклад. Пастаноўшчык стварае гіперрэалістычную карціну сельскага жыцця, далёкую ад прапагандысцкіх фальшывак і саладжавых кіналубкоў. Нядзіва, што рэжысёра звінавацілі ў «захапленні форматворчасцю», а сам фільм 20 гадоў праляжаў «на паліцы». Галоўны прыз на УКФ у Баку (1988); прыз «Ніка» за лепшую рэжысёрскую работу (1988); адмысловы прыз італьянскага пракату на МКФ у Пезара (1988); прыз ФІПРЭСІ за лепшы пазаконкурсны фільм на МКФ у Заходнім Берліне (1988).

14 лютага (серада) 15-00 і 18-30
ДЗЯДЗЯ ВАНЯ. СССР, 1970, 99 хвіл.
Рэж. Андрэй Міхалкоў-Канчалоўскі. Камп. А.Шнітке. У ролях: Інакенцій Смактуноўскі, Сяргей Бандарчук, Ірына Купчанка, Ірына Мірашнічэнка, Уладзімір Зельдзін, Мікалай Пастухоў.
Драма рускіх правінцыялаў, якія лічаць, што жыццё іх не адбылося, растрачана дарма, па аднайменнай п'есе А. П. Чэхава. Стужка прызнана адной з самых удалых экранізацый чэхаўскіх п'ес дзякуючы цудоўнаму акцёрскаму дуэту І.Смактуноўскі – С.Бандарчук, а таксама бліскучай аператарскай рабоце вялікага Георгія Рэрберга. Прыз «Срэбная ракавіна» на МКФ у Сан-Себасцьяне (1971); Прыз «Срэбная сірэна» на МКФ савецкіх фільмаў у Сарэнта (1972); Срэбны медаль МКФ у Мілане (1974).

16 лютага (пятніца) 15-00 і 18-30
РАМАНС ПРА ЗАКАХАНЫХ. СССР, 1974, 127 хвіл.
Рэж. Андрэй Міхалкоў-Канчалоўскі. У ролях: Яўгеній Кіндзінаў, Алена Коранева, Інакенцій Смактуноўскі, Уладзімір Конкін, Ірына Купчанка, Мікалай Грынько, Ія Савіна.
Рамантыка-эпічная музычная меладрама, якая ўражвала сучаснікаў незвычайнай паэтычнай формаю, грандыёзным размахам здымак і эмацыйнай насычанасцю кожнага кадра, вострай пастаноўкай актуальных маральных праблем, буйнымі характарамі і тэмпераментнай ігрой акцёраў, чыі героі праходзяць пакутлівы шлях рэфлексіі і пакуты. Вялікі прыз «Крыштальны глобус» на XIX МКФ у Карлавых Варах (1974).

21 лютага (серада) 15-00 і 18-30 [першая частка]
22 лютага (чацвер)15-00 і 18-30 [другая частка]
СІБІРЫЯДА. СССР, 1979, першая частка – 136 хвіл., другая частка – 139 хвіл.
Рэж. Андрэй Міхалкоў-Канчалоўскі. У ролях: Уладзімір Самойлаў, Віталь Саломін, Наталля Андрэйчанка, Нікіта Міхалкоў.
Маштабная па ахопе падзей і пастановачным разгарненні меладраматычная кінаэпапея, якую аўтары ахарактарызавалі як «паэму ў шасці сказах». Перад гледачамі праходзіць жыццё некалькіх пакаленняў дзвюх здаўна варагуючых паміж сабой сібірскіх сем'яў з невялікага, згубленага ў глушы балот сяла, куды няўмольна ўрываецца Гісторыя. Гран-пры журы Канскага МКФ (1979).

28 лютага (серада) 15-00 і18-30
ЦЯГНІК-УЦЯКАЧ (Runaway Train). ЗША, 1985,  111 хвіл.
Рэж. Андрэй Міхалкоў-Канчалоўскі. У гал. ролях – Джон Войт, Эрык Робертс, Рэбека Дэ Морнэй. 
Відовішчная і напружаная па дзеянні прыгодніцкая драма з элементамі філасоўскай прытчы па сцэнарыі Акіры Курасавы, які Канчалоўскі ператварыў у «экзістэнцыяльны баявік». «Залаты глобус» Дж..Войту за лепшую мужчынскую ролю; Намінацыі на «Оскар» у трох катэгорыях – лепшыя мужчынская роля, мужчынская роля другога плана і мантаж; Намінацыя на «Залатую пальмавую галіну» Канскага МКФ (1986).

02 сакавіка (пятніца) 15-00 і 18-30
СЦІПЛЫЯ ЛЮДЗІ (Shy People). ЗША, 1987, 118 хвіл.
Рэж. Андрэй Канчалоўскі. У  гал. ролях – Барбара Хёршы і Джыл Клейберг.  
Напэўна, лепшая ў амерыканскім перыядзе творчасці Канчалоўскага стужка пра драматычны лёс адной сям'і, якая жыве недзе на бязмежных балотах Луізіяны, задума якой паўстала ў яго дзесяцігоддзем раней, яшчэ ў Расіі, на здымках «Сібірыяды». «Срэбная пальмавая галіна» за лепшую жаночую ролю на Канскім МКФ (1987) Б.Хёршы.