Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь



"МРОІ ПРА ВІЦЕБСК". Выстава-фантазія да 135-годдзя з дня нараджэння Марка ШагалаЮбілейная рэтраспектыва

З 7 ліпеня ў выставачнай зале Музея гісторыі беларускага кіно працуе выстава-фантазія “МРОІ ПРА ВІЦЕБСК”, прымеркаваная да 135-годдзя з дня нараджэння Марка Шагала.

Экспазіцыю выставы складаюць эскізы мастака-пастаноўшчыка Нацыянальнай кінастудыі “Беларусьфільм” Аллы Мацюшэўскай, якія сталі асновай фонаў і вобразаў герояў мультфільма “Марк Шагал. Пачатак” (Студыя анімацыйных фільмаў, рэжысёр Алена Пяткевіч), заснаванага на падрабязнасцях дзяцінства і юнацтва славутага мастака з яго аўтабіяграфічнага рамана “Маё жыццё”.

Эскізы выкананы на спецыяльнай стужцы тэмпернымі фарбамі. Потым выявы сканаваліся, разразаліся, кампанаваліся і анімаваліся. Так ствараўся свет, у якім ажылі героі гэтага фільма, свет успамінаў Марка Шагала ва ўяўленні сучасных аўтараў. Ала Мацюшэўская і яе памочніцы-мастачкі Інга Карашкевіч і Таццяна Удавічэнка імкнуліся трапіць у стыль Марка Шагала, перадаць яго колеравую гаму так, каб персанажы, прадметы інтэр’ера, а таксама асновы для фонаў мультфільма перадавалі атмасферу яго ўласных твораў.

Наведвальнікі прасочаць увесь працэс стварэння кінатвора – ад папярэдняй раскадроўкі, стылявых і рабочых эскізаў да канчатковых кадраў ужо гатовага мультфільма «Марк Шагал. Пачатак», які, дарэчы, таксама будзе дэманстравацца на выставе ў рэжыме non-stop.


 Час працы выставы: штодняз 11:00 да 19:00 (каса да 18:30).

Кошт квіткоў: дзеці – 2,5 руб., студэнтыі пенсіянеры – 3 руб., дарослыя – 5 руб.