Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь



Выстава «БЕЛАРУСКІ КІНЕМАТОГРАФ 1920 – 1930–х ГАДОЎ У КІНАПЛАКАЦЕ»

У рамках мерапрыемстваў, прысвечаных Дню беларускага кіно, 19 снежня а 17–й гадзіне ў выставачнай зале Музея гісторыі беларускага кіно – філіяла Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь – адбудзецца адкрыццё тэматычнай выставы «БЕЛАРУСКІ КІНЕМАТОГРАФ 1920 – 1930–х ГАДОЎ У КІНАПЛАКАЦЕ» і прэзентацыя інтэрактыўнага мультымедыйнага дадатку да яе.

За амаль 95 гадоў існавання кінавытворчасці на тэрыторыі Беларусі на нацыянальнай кінастудыі (“Белдзяржкіно” – “Савецкая Беларусь” – “Беларусьфільм”) створана, калі лічыць па назвах, амаль 600 мастацкіх фільмаў. З іх з 1926 па 1941 г. –толькі 60. Але менавіта гэты перыяд гісторыі айчыннага кіно абсалютна ўнікальны дзякуючы такому важнаму элементу кінапрацэсу як кінаплакат (першапачаткова – “мастацкая афіша”).

Экспазіцыя выставы складаецца з 35 поўнафарматных і поўнакаляровых рэпрынтаў кінаплакатаў да беларускіх фільмаў 1926 – 1940 гг. і адлюстроўвае асаблівасці савецкага кінаплаката 1920–х і 1930–х гг., яго эвалюцыю ў сувязі з ператварэннем нямога кіно ў гукавое.

Стылістыка кінаплаката 1920–х гг. заснавана на прыёмах канструктывізму – архіпапулярнага напрамку мастацкага авангарду тых гадоў. У выніку лепшыя ўзоры жанру ўяўляюць зусім адмысловы тып мантажнай кампазіцыі, якая складаецца з фатаграфічных адлюстраванняў (кінакадраў), элементаў лінейнай графікі, маляваных шрыфтоў і ўзмоцненай колерам напружанай сюжэтнасці (“Да заўтра”, “У агні народжаная”, “Гатэль “Савой”, “Нянавісць”).

Гук істотна змяняе не толькі вобразны строй фільмаў, але і падыходы аўтараў кінарэкламы. З пачатку 1930–х гг. адпраўной кропкай для іх застаецца кінакадр, які цяпер разгортваецца да маштабаў аркуша без лішніх падрабязнасцяў. Мастакі ўсё менш выкарыстоўваюць элементы ўмоўнасці, усё часцей абмяжоўваюцца перамаляваннем эфектных кінакадраў, ператвараючы свае творы ў маляўнічую рэалістычную карціну (“Двойчы народжаны”, “Залатыя агні”). Не дзіўна, што даволі хутка тут замацоўваецца кампазіцыйны штамп: вырашаны ў колеры буйны план галоўнага героя ў цэнтры, а вакол другім планам – дэталі, якія раскрываюць сюжэтную канву фільма (“Дзяўчына спяшаецца на спатканне”, “Маё каханне”)...

У 1920 – 1930–я гг. ва ўмовах кінабуму ў СССР даніну кінаплакату аддалі многія таленавітыя мастакі–графікі, дызайнеры–канструктывісты: выконваючы заказы самых розных кінастудый, можна было даць волю сваёй неардынарнай фантазіі і прадэманстраваць арыгінальна–яркую вобразнасць.

Акцыянернае таварыства “Совкино" – манапаліст дзяржаўнага кінапракату на тэрыторыі былога СССР – мела свае рэкламныя бюро ў Маскве і Ленінградзе. Менавіта там працавалі вядучыя майстры інтэрнацыянальнай плеяды мастакоў–кінаплакатыстаў, наватарскія падыходы і творчыя дасягненні якіх спрыялі прызнанню савецкага кінаплаката першай паловы ХХ ст. унікальнай мастацкай з'явай сусветнага значэння. Уладзімір Стэнберг, Максім Літвак, Міхаіл Длугач, Ізраіль Боград, Мікалай Хомаў, Дзмітрый Буланаў, Барыс Зяленскі і, зразумела, ураджэнец Віцебска Міхаіл Векслер – працы гэтых мастакоў складаюць аснову і дадзенай экспазіцыі (сярод 14 аўтараў прадстаўленых твораў).

Асаблівую ўвагу стваральнікам выставы хацелася б звярнуць на 3 ўзора кінаплакатнага мастацтва на беларускай мове (да фільмаў “Кастусь Каліноўскі”, “Песня вясны”, “Джэнтльмен і певень”), якія былі надрукаваны даволі вялікімі (з улікам маштабаў кінапракатнай сеткі Беларусі тых гадоў) накладамі ў друкарнях Масквы.

Не выпадкова ў экспазіцыю ўключаны і 3 кінаплаката да героіка–прыгодніцкай драмы “Кастусь Каліноўскі”: згодна з афіцыйнымі планамі менавіта яна павінна была стаць фільмам–першынцам беларускага кіно (што, дарэчы, падкрэслена не толькі колькасцю, але і памерам гэтых кінаплакатаў).

Шэраг кінаплакатаў (да фільмаў “Лясная быль”, “Вогненныя гады”) цікавыя тым, што іх аўтары акрамя выканання прафесійнай задачы змаглі выказаць асабістае стаўленне да матэрыялу (тэмы і герояў) канкрэтнага фільма.

Выстава – вынік 15–гадовай пошукавай працы супрацоўнікаў Музея гісторыі беларускага кіно ў Мінску (у асноўным, у архівах Расіі), якія паступова ліквідуюць “белыя плямы” мінулага беларускага кінематографа. Калекцыя кінаплакатаў1920 – 1930–х гг. прадстаўлена ў такім аб'ёме ўпершыню пасля 75 гадоў забыцця. Хоць яе аднаўленне яшчэ не скончана: у перыяд, калі кінаплакат быў фактычна галоўным і самым дзейсным (у плане касавых збораў) сродкам рэкламы да большасці фільмаў, выпускалася па 2 ці 3, а часам і больш разнастайных кінаплакатаў і фотаафіш.

Галоўнай асаблівасцю дадзенай экспазіцыі з'яўляецца не толькі паказ двух навінак – плаката да фільма "У вялікім горадзе" і поўнафарматнага варыянту плаката да карціны "Першы ўзвод", але і прэзентацыя інтэрактыўнага мультмедыйнага дадатку да калекцыі плакатаў на трох мовах, які значна ўзбагачае ўяўленне аб прадмеце. З дапамогай гэтага дадатка наведвальнікі могуць даведацца пра асаблівасці вобразна–стылявога рашэння прадстаўленых плакатаў, пазнаёміцца з біяграфіяй іх аўтараў, атрымаць уяўленне аб жанрава–тэматычных і стылявых характарыстыках фільма, да якога адносіцца канкрэтны плакат, а таксама ўбачыць фрагмент гэтага фільма і пачуць арыгінальную музычную фанаграму (мелодыю або песню).

Інтэрактыўны мультымедыйны дадатак створаны ў рамках рэалізацыі Праграмы малых грантаў амбасады ЗША ў Рэспубліцы Беларусь.

Адрас: Музей гісторыі беларускага кіно, г. Мінск, вул. Свярдлова, 4

Час працы: штодня з 11–00 да 19–00

Даведкі па тэл. (8 017) 327–10–75, (8 029) 627–10–75

Кошт квіткоў для наведвання як выставачнай, так і экраннай частак праекта:

2 руб. – для дзяцей, школьнікаў і пенсіянераў;

2,5 руб. – для студэнтаў;

3 руб. – для дарослых.