Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь



"ПОЧЫРК МАЙСТРА" Персанальная выстава да 100-годдзя з дня нараджэння мастака кіно Яўгена Ганкіна

28 снежня 2022 года ў выставачнай зале Музея гісторыі беларускага кіно, філіяле Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь, пачне працу персанальная выстава «Почырк майстра», арганізаваная да 100-годдзя з дня нараджэння мастака-пастаноўшчыка кінастудыі «Беларусьфільм» Яўгена Ганкіна.

Адзін з першых прадстаўнікоў бліскучай плеяды беларускіх мастакоў кіно пасляваеннага перыяду за амаль 50 гадоў служэння «дзясятай музе», з 1946 па 1993 гады, удзельнічаў у стварэнні больш за два дзесяткі мастацкіх фільмаў, многія з якіх увайшлі ў «залаты фонд» беларускага кіно («Паўлінка», «Нашы суседзі», «Гадзіннік спыніўся апоўначы», «Я родам з дзяцінства», «Белыя Росы», «Яго батальён» і інш.). Эскізы дэкарацый і касцюмаў да большасці з гэтых карцін (з акцэнтам на кінакамедыю, ваенную драму і гістарычны фільм) і складаюць аснову экспазіцыі выставы. Каля 100 аўтарскіх работ у спалучэнні з багатым дататковым матэрыялам (фатаграфіі, малюнкі, асабістыя рэчы) утвараюць своеасаблівую панараму жыцця і творчасці Я. Ганкіна, фарміруюць вычарпальнае ўяўленне аб непаўторным «ганкiнскiм» почырку. Экспазіцыю істотна ўзбагачаюць тэматычныя інсталяцыі «У майстэрні мастака савецкага кіно і «Кадр з фільма», разнастайны відэаматэрыял: у рэжыме нон-стоп дэманструюцца падборка характэрных (з пункту гледжання мастацкага почырку майстра) фрагментаў з асноўных фільмаў Я. Ганкіна, а таксама дакументальная стужка пра мастака «Легендамі не карануйце нас... »

Яўген Маркавіч Ганкін нарадзіўся 28 кастрычніка 1922 г. на Гомельшчыне ў мястэчку Шчадрын Жлобінскага раёна. Ужо ў пяць гадоў праявіў здольнасці да малявання. Скончыў мастацкі факультэт усесаюзнага дзяржаўнага інстытута кінематаграфіі (1944). З 1942 г.удзельнічаў у мастацкіх выставах. У 1943 – 1944 гадах працаваў на Цэнтральнай аб'яднанай кінастудыі (г. Алма-Ата), дзе быў, у прыватнасці, памочнікам галоўнага мастака гістарычнай драмы Сяргея Эйзенштэйна «Іван Грозны». У 1944 – 1945 гадах – мастак-пастаноўшчык Кіеўскай кінастудыі мастацкіх фільмаў. З 1946 па 1993 гады – мастак-пастаноўшчык кінастудыі «Беларусьфільм». З 1955 года працаваў таксама ў галіне станковай і кніжнай графікі, быў карыкатурыстам часопіса «Вожык». Удзельнік Вялікай Айчыннай вайны. Заслужаны дзеяч мастацтваў БССР (1968). Аўтар кнігі мемуараў «Крыло анёла» (2000).

Афіцыйнае адкрыццё выставы адбудзецца 27 снежня а 17-й гадзіне.

Час працы выставы: штодня з 11:00 да 19:00 (каса да 18-30).

Кошт квіткоў: дзеці – 2,5 руб., студэнты і пенсіянеры – 3 руб., дарослыя – 5 руб.

 Адрас Музея гісторыі беларускага кіно - г. Мінск, вул. Свярдлова, 4

Тэлефон для даведак: +375 29 627-10-75; +375 17 397-86-75.